Инфоурок Другое СтатьиАртыкул "Функцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа: рухі, пастава, жэсты, міміка, інтанацыі голаса"

Артыкул "Функцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа: рухі, пастава, жэсты, міміка, інтанацыі голаса"

Скачать материал

БОГДАН Н. А.

аспірант філалагічнага факультэта,

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Ф. Скарыны


ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ЗНЕШНЯГА ВЫГЛЯДУ ЧАЛАВЕКА Ў ФРАЗЕАЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА: РУХІ, ПАСТАВА, ЖЭСТЫ, МІМІКА, ІНТАНАЦЫІ ГОЛАСУ


Упершыню ўбачыўшы чалавека, людзі міжвольна звяртаюць увагу на яго знешнасць, якая, як правіла, адлюстроўвае ўнутраны, маральны свет асобы. Знешні выгляд чалавека – гэта адлюстраванне ў першую чаргу павагі да самога сябе. Як кажуць, у добрага гаспадара не можа быць занядбалай хаты.

Паняцце “знешнасць” шырока ўжываецца як у паўсядзённым жыцці, так і ў розных дысцыплінах: лінгвістыцы, этыцы, псіхалогіі. Так, псіхолагі высветлілі, што ў паняцце “знешнасць” уваходзяць тры групы элементаў: 1) фізічнае аблічча (формы і рысы твару, прапорцыі фігуры, колер скуры, валасоў, вачэй – усё, што чалавеку даецца ад прыроды); 2) рухі, паставы, жэсты, міміка, інтанацыі голасу (функцыянальныя прыкметы, г.зн. тое, што праяўляецца ў дзеянні); 3) афармленне знешнасці: адзення, абутку, прычоскі і г.д. [1, с.105].

Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, знешнасць – гэта “вонкавы, знешні выгляд” [2, с. 503]. В.А. Маслава вонкавае аблічча чалавека разглядае як сукупнасць трох складнікаў: 1) галава і яе часткі; 2) цела і 3) ногі [3, с. 82]. І ўсе гэтыя часткі аналізуюцца з пункту гледжання таго, як яны прадстаўлены ў міфалогіі і мове.

Паходка чалавека, яго поза, жэсты, выраз твару, асаблівасці голасу – усё гэта знакі пэўнай інфармацыі псіхічнага, эмацыянальнага або камунікатыўнага характару. Цікавым з’яўляецца той факт, што ў працэсе ўзаемадзеяння людзей, як устаноўлена псіхолагамі, ад шасцідзесяці да васьмідзесяці працэнтаў камунікацыі ажыццяўляецца за кошт невербальных сродкаў выражэння.

У межах артыкула разгледзім функцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа, класіка сусветнай і беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Менавіта асоба чалавека, яго знешні і ўнутраны свет, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі мастака слова. А фразеалагічныя адзінкі (ФА) дазваляюць вобразна, ёмка, сцісла не толькі і не столькі назваць, колькі ахарактарызаваць, даць ацэнку знешняму выгляду чалавека. Дадзенае пытанне ў фразеалогіі яшчэ не атрымала шырокага вывучэння, што і абумовіла наш зварот менавіта да гэтай тэмы.

Мэтай артыкула з’яўляецца выяўленне спецыфікі функцыянальных прыкмет знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа. Крыніцай устойлівых адзінак паслужыў “Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа” [4].

Цела – гэта прыродная дадзенасць, і патрэбы яго цалкам натуральныя: цела расце, змяняецца, старэе і памірае як вегетатыўная сістэма. Грунтуючыся на адчуванні асабістай цялеснасці, чалавек спазнае навакольную рэчаіснасць. Менавіта цела, як адзначае А. Рачкоўская, “бачыцца чалавеку самай першай і найбольш відавочнай праявай яго адрознення ад іншых, а таксама з’яўляецца доказам яго існавання” [5, с.36].

Сярод ФА, аб’яднаных агульным значэннем ʻфункцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавекаʼ, можна выдзеліць наступныя групы:

1. ФА, што характарызуюць рухі цела чалавека. Рух – “змяненне становішча цела ці яго частак” [6, с. 729]. Гэтая група ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена наступнымі адзінкамі: як апараны (выбегчы) ʽімкліва, хутка (выскачыць)ʼ, ʽразгублена, збянтэжанаʼ, вадзіць па баках каго ʻзаносіць, хістаць каго-н.ʼ, як вар’ят які ʽшпарка, імкліваʼ, долу не чапаць ʽступаць мякка, лёгка, спрытнаʼ, як калёсы з-пад гармат ʽэнергічна, з падскокамʼ, як на кандыбах (хадзіць) ʽкульгаючы (хадзіць)ʼ, як божая кароўка (выпаўзаць) ʽмарудна, павольна (выходзіць)ʼ, як качка (хадзіць) ʽперавальваючыся (хадзіць)ʼ, як маладая козачка (шмыгнуць) ʽвельмі хутка, непрыкметна (збегчы, знікнуць)ʼ, як спуджаны конь ʽімкліва, шпарка, жваваʼ, як кошка (красціся) ʽвельмі асцярожна (красціся)ʼ, выпісваць кругі ʽтанцуючы, вырабляць мудрагелістыя фігурыʼ, ногі распраўляць ʽісці прамой, бадзёрай паходкайʼ, ногі ўбезладзь ступаюць ʽаб паходцы нецвярозага чалавекаʼ, паўзці на чатырох ʽледзь рухацца, знаходзячыся ў стане моцнага ап’яненняʼ, як на пружынах (падскочыць) ʽвельмі хутка, імгненна ўсхапіцца, ускочыць пад уздзеяннем чаго-н.ʼ, як слон ʽпавольна, марудна, непаваротліваʼ.

Як відаць, ФА дадзенай групы, характарызуючы рухі цела, указваюць і на стан чалавека, паходку. Так, Якуб Колас у кантэксце А там людзі снуюць. Туды [у піўнушку] ідуць сур’ёзныя [..] Назад жа выходзяць пачырванеўшыя, I ногі іх убезладзь ступаюць (У глыбі Палесся) з дапамогай фразеалагізма ногі ўбезладзь ступаюць перадае не толькі рухі цела, у прыватнасці ног, але і паказвае нецвярозы стан чалавека. Выразна прадстаўлена і паходка чалавека ў наступным выпадку: Хурман злез з брычкі, Ідзе, ногі распраўляе, Бо дарога ж не малая (Сымон-музыка). Рухі цела чалавека прадстаўлены пісьменнікам з розных бакоў.

2. ФА, што характарызуюць паставу чалавека. Пастава – гэта “становішча корпуса, фігуры, уласцівае каму-н.; пастаноўка, становішча якой-н. часткі цела; поза” [6, с. 86]. Пастава чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена наступнымі адзінкамі: як аслупянелы ʽнерухомы ад здзіўлення, узрушанняʼ, узяцца ў бокі ʽпаставіць рукі на бёдры, уперціся рукамі ў бакі, прыняць важную позуʼ, як вар’ят ʽненатуральна, злоʼ, як закляты ʽнерухомаʼ, абарачацца ў знак запытання ʽгорбіццаʼ, на кукішках (сядзець) ʽсагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сядзець)ʼ, бы куль (стаяць) ʽнерухома (стаяць)ʼ, у кульбачку ʽса згорбленай спіной і празмерна нахіленай уніз галавой (сагнуцца)ʼ, як мышы пад венікам (мятлой, мятлою) (сядзець) ʽвельмі ціха, пужліва, спалохана, каб не быць заўважаным (сядзець)ʼ, у тры (дзве) пагібелі (скурчыцца, згорбіцца) ʽвельмі (скурчыцца)ʼ, як пень (стаяць, тырчаць, сядзець) ʽнерухома, моўчкі, нічога не разумеючы (стаяць, сядзець)ʼ, як пласт (ляжаць) ʽляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (ад хваробы, у стане моцнага алкагольнага ап’янення)ʼ, як прычарованы / як прычараваны ʽнерухома, знямела (пад уздзеяннем якіх-н. падзей, з’яў)ʼ, нібы пярун прыбіў ʽзастыў у адной позеʼ, як слуп / бы ўкопаны слуп ʽнерухома (стаяць, застыць)ʼ, як (той) укопаны (стаяць) ʽнерухома, замёршы на месцы, непахісна (стаяць)ʼ.

Як відаць, адзначаныя адзінкі ў фразеалогіі Якуба Коласа характарызуюць не толькі паставу чалавека, але і позу. Так, перад намі паўстае чалавек нерухомы, які не мае сіл рухацца. І прычынай гэтаму з’яўляюцца розныя фактары – п’янства: Нічыпар таксама нічога не ведаў пра Мікалая і ляжаў на возе, як пласт (Знайшлі); страх, спалох: Цяпер жа паны пападціскалі хвасты і сядзяць, як мышы пад венікам (Крывавы вір).

3. ФА, што характарызуюць жэсты чалавека (жэст (фр. geste) – рух рукі, галавы, які суправаджае або замяняе чалавечую мову [2, с. 269]. Да жэставых у фразеалогіі Якуба Коласа адносяцца вуха нахіліць куды ʽпрыслухацца да чаго-н.ʼ, ківаць галавой (галавою, галовамі), кіўнуць галавой і паківаць галавою ʽлёгкімі кіўкамі галавы выказваць (выказаць) адабрэнне, неадабрэнне, згоду, нязгоду, незадавальненне, папрок і пад.ʼ, ʽжэстам паказваць на каго-, што-н.ʼ, ʽжэстам папрасіць каго-н. наблізіццаʼ, ʽзрабіць лёгкія рухі галавой у знак прывітання ці развітанняʼ, трэсці галавою (галавой) і патрэсці галавою ʽрухамі галавы выказваць (выказаць) што-н. (дакор, незадавальненне, нязгоду, папрок, спачуванне і пад.)ʼ, чухаць галаву (галовы) ʽбыць заклапочаным чым-н.ʼ, браць пад казырок ʽвітаць каго-н. па-ваеннаму, прыклаўшы правую руку да галаўнога ўборуʼ, трэсці кулаком на каго і патрасці кулаком на каго, трэсці кулакамі, памахаць кулакамі ʽпагражаць (пагразіць) каму-н., папракаць (папракнуць) каго-н., выказваючы сваё незадавальненне кім-, чым-н.ʼ, ускінуць плечы ʽзрабіць рух плячамі ў знак няведання, неразумення, здзіўлення, задавальнення і пад.ʼ, паціскаць плячыма (плячамі) ʽрабіць рух плячамі ў знак няведання, неразумення, здзіўлення і пад.ʼ, ускідваць плячыма і ўскінуць плячыма ʽрабіць (зрабіць) рух плячыма ў знак здзіўлення, няведання і пад.ʼ, рукі ўзнімаць ʽзвяртацца з просьбай да каго-н.ʼ.

Большасць ФА дадзенай групы перадаюць разнастайныя пачуцці – задавальненне/незадавальненне, неразуменне, здзіўленне. Напрыклад: А кадэты няхай сабе пашумяць, памахаюць кулакамі − біцца яны не палезуць, − няхай пакрытыкуюць урад і нават пагрозяць якому-небудзь міністру (На ростанях); − Ну, будзе лазня, пане-дзею. Але за што? не разумею. − Прамовіў ён [“Памдзей”], ускінуў плечы I ў бег пускаецца старэчы (Новая зямля); Стоячы за спіной свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы (На прасторах жыцця).

4. ФА, што характарызуюць міміку твару чалавека (міміка (грэч. mimikos – пераймальны) – рухі мышцаў твару, якія выражаюць перажыванні, пачуцці, настроі [7, с. 157]). Міміка твару чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена ў цэлым (састроіць міну (міны) ʽнадаць свайму твару той ці іншы выраз, які адлюстроўвае ўнутраны стан каго-н.ʼ, строіць кіслую міну ʽвыказваць сваю незадаволенасць, засмучэнне, іронію ў адносінах да каго-, чаго-н., надаючы твару адпаведны выразʼ) або праз асобныя часткі твару – вочы (абводзіць (абвесці) вачамі каго, што ʽаглядваць (агледзець) з усіх бакоў каго-, што-н.ʼ, вадзіць вачамі / вадзіць вачыма ʽаглядаць каго-, што-н., кідаць позірк на каго-, што-н.ʼ, апусціць (спусціць) вачаняты / спусціць вачаняткі ʽзбянтэжыцца; скіраваць позірк уніз; зніякавецьʼ, лыпаць (лыпнуць) вачыма / вачымі лыпаць / вачыма лыпнуць ʽглядзець разгублена, бяссэнсава маргаць ад здзіўлення, збянтэжанасці, страхуʼ, ʽглянуць няласкаваʼ, касіць вока ʽглядзець пажадліва, прагна на каго-н.ʼ, глянуць косым вокам ʽварожа паглядзець, зазлавацца на каго-н.ʼ, вочкамі вадзіць ʽпрыглядацца да каго-н., глядзець на каго-н.ʼ, вырачыць вочы / вытарашчыць вочы ʽглянуць на каго-, што-н. напружана, здзівіўшыся, не разумеючы, спалохаўшыся чагосьціʼ, зрэнкі вылупліваць ʽпільна углядацца шырока расплюшчанымі вачамі, устаўляцца, утаропліваццаʼ), бровы (бровы ссоўваюцца (ссунуцца) ʽнехта робіцца (зробіцца) змрочным, злым, незадаволеным чым-н.ʼ, бровы навісаюць ʽнехта робіцца (зробіцца) змрочным, злым, незадаволеным чым-н.ʼ, бровы ссунуты на нос ʽзмрочны, насуплены, хмурыʼ, насупіць бровы ʽнасупіцца, прыняць пахмурны непрыветлівы выглядʼ, хмурыць бровы / нахмурыць бровы ʽнасупіцца, прыняць пахмурны непрыветлівы выглядʼ, падняць бровы на каго ʽпільна, уважліва паглядзець на каго-н.ʼ, ускідаць бровы на каго ʽхутка паглядваць на каго-н., кідаць хуткія позіркі на каго-н.ʼ), нос (павесці носам ʽуважліва прыглядацца (прыгледзецца) да чаго-н., назіраць (паназіраць) за кім-, чым-н.ʼ, круціць носам ʽстроіць грымасы, выказваючы тым самым свае адносіны да чаго-н., пераважна адмоўныяʼ), губы (надзьмуць губы (губкі) ʽнахмурыцца, выказаўшы незадаволенасць тварам; пакрыўдзіццаʼ), вусы (вусы абвіснуць чые ʽнехта робіцца (зробіцца) змрочным, злым, незадаволеным чым-н.ʼ).

Міміка твару не столькі адлюстроўвае знешні выгляд чалавека, колькі перадае яго псіхалагічны стан. Так, у кантэксце Магда колькі мінуцін пасядзела моўчкі, як бы раздумваючы над тым, пагневацца ці не, На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы (Выстагнаўся); I люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская. Ды худасочная, благая, Усё панічы-зухі, паненкі [..] Ідуць, спусціўшы вачаняткі, На погляд ціхі, як ягняткі (Новая зямля) пісьменнік з дапамогай ФА перадае ўнутраны стан – крыўду, збянтэжанасць, якія знаходзяць свой адбітак на твары чалавека.

Міміка, як і жэсты герояў Якуба Коласа, натуральная, выражае сапраўдны душэўны стан і адпавядае сітуацыі: Пісар насоўвае густыя бровы, вочы яго грозныя-грозныя, наскрозь, здаецца, праб’юць кожнага, хто асмеліўся б крануць яго і старшыню (У глыбі Палесся).

5. ФА, што характарызуюць інтанацыі голаса чалавека (інтанацыя (іт. intonazione) – тон, характар вымаўлення, якія выражаюць пачуцці таго, хто гаворыць, яго адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці яго душэўнага складу; рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні [2, с. 550]). ФА гэтай групы перадаюць мелодыку голасу (справіць галас ʽгучна і бадзёра закрычаць, радасна пазвацьʼ, пад нос (бубніць, буркаць, гусці) ʽвельмі ціха, незразумела (бубніць, бурчаць, гусці)ʼ, як пчолы ў вуллі (гудзець) ʽпра шум, галасы вялікай колькасці людзейʼ, як рэчка срэбра ʽгучна, меладычна (пра гук, словы, голас)ʼ, салавейкам разлівацца ʽзвінець з запалам, пералівіста, гаварыць красамоўна, з вялікім захапленнемʼ), тэмп (сыпаць як бобам ʽгаварыць вельмі хуткаʼ, ), тэмбр (як бугай на прадвесні (раўці) ʽмоцна, высільваючыся (цягнуць голасам)ʼ, драць горла ʽвельмі моцна гаварыць, крычаць, спявацьʼ, на ўсё горла (крычаць, гукаць) / ва ўсё горла ʽвельмі моцна (крычаць, гукаць)ʼ, як труба ерыхонская ʽвельмі гучны, прарэзлівы (голас)ʼ, агнём паліць ʽклясці люта, гнеўна, адзывацца з раздражненнем аб кім-, чым-н.ʼ).

Як бачым, большасць ФА, што характарызуюць інтанацыі голасу чалавека, выконваюць псіхалінгвістычную функцыю. З дапамогай такіх адзінак Якуб Колас перадае рысы індывідуальнасці асобы ў голасе (І прамоўцы цюбецейка Чуць трымаецца, Галасок жа салавейкам разліваецца. Міхасёвы прыгоды), яго пачуцці і настрой (Ён радасны справіў галас: − Сюды ідзі, тата! Грыбоў тут багата − Баравіковы калгас! Міхасёвы прыгоды).

Такім чынам, Якуб Колас у сваіх творах скарыстоўвае вялікія запасы ФА, якія характарызуюць функцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавека. Іх выкарыстанне не толькі адлюстроўвае знешнасць чалавека, але і перадае яго ўнутраны стан, які праяўляецца праз рухі, жэсты, міміка, пастава, інтанацыі голасу, што знаходзіць сваё праяўленне ў параўнанні з пэўнымі фактамі. Таму не выпадковым з’яўляецца і тое, што большасць ФА з’яўляюцца кампаратыўнымі і маюць у сваім складзе кампаненты-саматызмы. Менавіта праз часткі цела чалавек пазнае самога сябе, а праз праяўленне іх у дзеянні пазнаюцца функцыянальныя прыкметы чалавека, які паўстае з фразеалогіі Якуба Коласа стрыманым (паводле жэстаў і мімікі) і маларухомым (паводле рухаў цела і паставы), аднак з гучным, прарэзлівым голасам (паводле інтанацыі).


ЛІТАРАТУРА

  1. Немов, Р.С. Психология / Р.С. Немов. – М.: Владос, 2001. – 640 с.

  2. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2. Г – К / [Рэд. тома А.Я. Баханькоў]. – Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. – 768 с.

  3. Маслова, В. А. Введение в лингвокультурологию: Учебное пособие / В. А. Маслова. – М., 1997. – 256 с.

  4. Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А.С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А.С. Аксамітава. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 655 с.

  5. Рачкоўская, А. Цела як сродак камунікацыі: мова мімікі, жэстаў, паставаў, паходкі і інтанацыі / А. Рачкоўская // Роднае слова. – 2008. – № 7. – С. 34-37.

  6. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 4. П – Р / [Рэд. тома Г.Ф. Вештарт, Г.М. Прышчэпчык]. – Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1980. – 768 с.

  7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. Л – П / [Рэд. тома П.М. Гапановіч]. – Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1979. – 672 с.



Просмотрено: 0%
Просмотрено: 0%
Скачать материал
Скачать материал "Артыкул "Функцыянальныя прыкметы знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа: рухі, пастава, жэсты, міміка, інтанацыі голаса""

Методические разработки к Вашему уроку:

Получите новую специальность за 3 месяца

Системный аналитик

Получите профессию

Менеджер по туризму

за 6 месяцев

Пройти курс

Рабочие листы
к вашим урокам

Скачать

Скачать материал

Найдите материал к любому уроку, указав свой предмет (категорию), класс, учебник и тему:

6 662 946 материалов в базе

Скачать материал

Вам будут интересны эти курсы:

Оставьте свой комментарий

Авторизуйтесь, чтобы задавать вопросы.

  • Скачать материал
    • 23.02.2016 938
    • DOCX 30.4 кбайт
    • Оцените материал:
  • Настоящий материал опубликован пользователем Коваль (Богдан) Наталья Анатольевна. Инфоурок является информационным посредником и предоставляет пользователям возможность размещать на сайте методические материалы. Всю ответственность за опубликованные материалы, содержащиеся в них сведения, а также за соблюдение авторских прав несут пользователи, загрузившие материал на сайт

    Если Вы считаете, что материал нарушает авторские права либо по каким-то другим причинам должен быть удален с сайта, Вы можете оставить жалобу на материал.

    Удалить материал
  • Автор материала

    • На сайте: 8 лет и 5 месяцев
    • Подписчики: 16
    • Всего просмотров: 30875
    • Всего материалов: 8

Ваша скидка на курсы

40%
Скидка для нового слушателя. Войдите на сайт, чтобы применить скидку к любому курсу
Курсы со скидкой

Курс профессиональной переподготовки

Экскурсовод

Экскурсовод (гид)

500/1000 ч.

Подать заявку О курсе

Курс профессиональной переподготовки

Библиотечно-библиографические и информационные знания в педагогическом процессе

Педагог-библиотекарь

300/600 ч.

от 7900 руб. от 3650 руб.
Подать заявку О курсе
  • Сейчас обучается 487 человек из 71 региона
  • Этот курс уже прошли 2 326 человек

Курс профессиональной переподготовки

Организация деятельности библиотекаря в профессиональном образовании

Библиотекарь

300/600 ч.

от 7900 руб. от 3650 руб.
Подать заявку О курсе
  • Сейчас обучается 284 человека из 66 регионов
  • Этот курс уже прошли 849 человек

Курс профессиональной переподготовки

Руководство электронной службой архивов, библиотек и информационно-библиотечных центров

Начальник отдела (заведующий отделом) архива

600 ч.

9840 руб. 5600 руб.
Подать заявку О курсе
  • Этот курс уже прошли 25 человек

Мини-курс

Влияние внешних факторов на психологическое развитие личности

4 ч.

780 руб. 390 руб.
Подать заявку О курсе

Мини-курс

Российское движение школьников (РДШ): воспитательная работа

3 ч.

780 руб. 390 руб.
Подать заявку О курсе
  • Этот курс уже прошли 12 человек

Мини-курс

Hard-skills современного педагога

8 ч.

1180 руб. 590 руб.
Подать заявку О курсе
  • Сейчас обучается 77 человек из 34 регионов
  • Этот курс уже прошли 20 человек