Закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М. Машэрава па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры, сусветнай і айчыннай культуры.
Месца працы: ГУО "Гімназія №2 г.Наваполацка"
Працоўны стаж: 13 гадоў.
Катэгорыя: першая.
Жыццёвае крэда: лепшая асалода, найвышэйшая радасць у жыцці - адчуваць сябе патрэбным і блізкім людзям.
Прафесійны прынцып: ніколі не падаць духам; пачынаць зноў i зноў, калі нешта не атрымліваецца; верыць, што яшчэ адно намаганне можа істотна змяніць сітуацыю.
Я - скульптар, але ў руках у мяне не гліна.
Я – музыкант, але перад вачыма зусім не ноты.
Я – хірург, але працую без скальпеля.
Хто я?
Я ляплю чалавека. Я дакранаюся да струн яго сэрца.
Я – настаўнік.
На свеце ёсць тысячы прафесій. Усе яны патрэбныя і цікавыя. Аднак кожны чалавек павінен абраць тую, якая найбольш адпавядае яго прыродным здольнасцям і схільнасцям, а дакладней – знайсці сваё прызначэнне.
Гуляючы ў дзяцінстве з лялькамі ў школу, я марыла стаць добрым настаўнікам. Пасля школы ад мары да прафесіі мяне аддзялялі ўсяго 5 год. Але атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі было самым простым з усяго, што чакала наперадзе. Настаўніцкае жыццё – гэта пастаяннае выпрабаванне на цярпенне, прафесіяналізм, вынослівасць. Урокі, планы, пазакласныя мерапрыемствы, конкурсы, самаадукацыя, педсаветы, нарады, бясконцыя стосы сшыткаў і толькі потым сям’я, сябры, адпачынак.
Бываюць дні, калі здаецца, што ўсё раблю не так, як трэба, адчуваю стомленасць, хачу ўсё кінуць і … Але звініць званок, уваходжу ў клас, бачу вочы, якія глядзяць на мяне, спадзяюцца, чакаюць , і я забываюся на ўсё, губляюся ў гэтых промнях святла, цяпла, надзеі.
Які ж ён, сапраўдны настаўнік?
На мой погляд, ён проста чалавек, які любіць розных дзяцей: разумных, дзіўных, цяжкіх, незалежных, таленавітых, гарэзлівых, непрадказальных.
А які ён – сучасны настаўнік?
Я лічу, што ён, перш за ўсё, прафесіянал сваёй справы, а таксама пазітыўны, патрабавальны, крэатыўны, сур’ёзны, цярплівы, камунікабельны, інфармаваны. Настаўнік – сябар, настаўнік – маці, настаўнік – мудрэц.
Настаўнік – гэта стваральнік. Стваральнік з вялікай літары, бо стварае ён Чалавека. Якім будзе гэты чалавек, што пасля сябе пакіне? Такім і будзе вынік прафесіянальнага шляху педагога. Задача сучаснага настаўніка – ствараць умовы для самаразвіцця вучня, каб ён пасля заканчэння школы мог працаваць, вучыцца, служыць, адчуваць смак жыцця, маючы для гэтага сілы, жаданне, здароўе.
Так, прафесiя педагога — унiкальная: яна самая цяжкая, самая нервовая i бязлiтасная, самая небяспечная, самая галоўная, самая творчая, самая высакародная i ўдзячная, самая iнтэлектуальная i рамантычная. Па напружанасцi работу настаўнiка можна параўнаць з работай авiядыспетчара моцна загружанага мiжнароднага аэрапорта ў цяжкiх метэаўмовах: то ўзлёт, то пасадка; то дажджы, то туман.
Наша прафесiя ўнiкальная яшчэ i тым, што мы жывём адначасова ў трох вымярэннях. Абапiраемся на мiнулае, працуем на патрэбы сённяшняга дня, але жывём пераважна ўжо заўтрашнім днём: сваiмi думкамi, справамi i пачуццямi.
Нi ў адной прафесii няма такой магчымасцi — глядзець штодзённа вочы ў вочы сваёй будучынi.
Школа ўвайшла ў маё жыццё даўно і, я спадзяюся, назаўсёды. Школа – гэта не будынак і не вучэбныя прадметы, а твары, характары, асобы маіх вучняў. У мяне наперадзе сто дарог, сто дзвярэй, за кожнай з іх новае жыццё, якое я змагу пражыць разам са сваімі вучнямі.
Напісанае застаецца. Сымон Будны нагадваў: “Настаўнік – соль зямлі”. Так было, ёсць і будзе. Настаўнік катэгорыя пазачасавая.