Добавить материал и получить бесплатное свидетельство о публикации в СМИ
Эл. №ФС77-60625 от 20.01.2015
Инфоурок / Другое / Другие методич. материалы / З вопыту працы па актывізацыі пазнаваўчай дзейнасці вучняў

З вопыту працы па актывізацыі пазнаваўчай дзейнасці вучняў

  • Другое

Поделитесь материалом с коллегами:

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў

у працэсе вывучэння беларускай літаратуры

(матэрыялы выступлення на педагагічным савеце Совершенствование профессиональной компетенции педагога – необходимое условие развития современной школы”)


Шаноўныя калегі, усім нам агульна вядомы факт: чым вышэй эрудыцыя чалавека, тым ён больш цікавы ў зносінах. Педагог павінен пастаянна пашыраць сваю эрудыцыю, каб быць запатрабаваным у сваіх вучняў. А для гэтага неабходна знаходзіцца ў пастаянным пошуку, умець арыентавацца ў патоку інфармацыі.

Раней школа была практычна адзінай крыніцай ведаў, зараз жа гэта толькі адна са шматлікіх крыніц. Таму калі настаўнік (нават пры ўмове, што свой прадмет ён ведае дасканала) не арыентуецца ў сучасным жыцці, то рызыкуе страціць аўтарытэт у сваіх вучняў. Імідж настаўніка залежыць ад таго, наколькі ён адпавядае патрэбам часу.

Хачу прадзяліцца з вамі тым, як уласна я стараюся быць рознай і цікавай, што раблю для таго, каб мае вучні імкнуліся да пазнання новага, самі раслі, у першую чаргу, на ўроках беларускай літаратуры.

Памятаеце знакамітае і сумнае: ”Чаму матулі так хочуць, каб іх дзеці былі таленавітымі? Лепш бы яны хацелі ім шчасця”. Шчаслівае, добрае дзіця… Для мяне гэта вельмі важна і значна, бо не вучань, а чалавек жыве на зямлі і будзе жыць тады, калі наша з вамі жыццёвая мудрасць, вопыт і спрактыкаванасць разам з намі адыдуць у нябыт. А жыць застануцца нашы ўласныя дзеці. І будзем мы спакойнымі толькі тады, калі будзем упэўненымі, што пакінулі іх сярод Людзей, сфарміраваць якіх – самая важная задача любога настаўніка

Добрымі і шчаслівымі, адукаванымі і выхаванымі, на мой погляд, вучняў могуць зрабіць урокі літаратуры. Менавіта добрая кніга можа даць добры ўрок на ўсё жыццё: навучыць любіць родную зямлю, аберагаць сваю гістарычную спадчыну, шанаваць бацькоў, цаніць сяброў, ведаць, што такое “гонар”, “чэснасць”, “высакароднасць”, “абавязак”, “памяць” і ўсё тое “іншае”, без чаго ў жыцці чалавек не Чалавек, а істота, якая бясследна прамільгне на зямлі, не пакінуўшы нічога па сабе. Але гэтага можна пазбегнуць, бо ёсць Я.Купала, Я.Колас, В.Быкаў, А.Дудараў, У.Караткевіч, Я.Пушча, Л.Геніюш, А.Разанаў, П.Панчанка, Р.Барадулін і ўсе тыя вялікія творцы беларускай літаратуры, часам бясслаўна забытыя і мала, на жаль, нам вядомыя. Ды веліч іх ад гэтага не змяншаецца.

Мы спасцiгаем у лiтаратуры дух часу, з яе мы чэрпаем заканамернасцi руху, праблемы развіцця, даведваемся, чым жыў i жыве народ, спасцігаем яго менталiтэт, вывучаем свой край, спазнаем сябе і сваё месца ў сусвеце.

Асноўныя спружыны руху часу i грамадства так сплецены з асноўнымi спружынамi лiтаратурнага развіцця, што іх і трэба разглядаць разам: рух часу – рух жыцця – рух лiтаратуры.

На працягу шматлікіх стагоддзяў беларуская літаратура дала свету больш, чым свет ведае пра яе…

В.А. Сухамлінскі сцвярджаў: ”Літаратура вывучаецца ў школе не для таго, каб здаць яе. Яна павінна ўвайсці ў духоўны свет кожнага чалавека на ўсё жыццё як паўсядзённыя ўзаеміны з прыгажосцю”. Літаратура – базавы набор жыццёвых патрэб (тое ж самае, што і глядзець на зоркі, кахаць, здзіўляцца). Літаратурны твор павінен стаць неабходнасцю, як ежа для страўніка. Гэта, на мой погляд, паступовы працэс выхавання абавязковай прысутнасці разваг, думак, эмоцый, суперажывання, сапраўдных пачуццяў, якія можа даць у адначассе твор мастацкай літаратуры кожнаму, хто яго разгорне.

Напачатку свайго знаёмства з вучнямі я стараюся зрабіць так, каб літаратура была паўсюль: шмат цытую (прыказкі, прымаўкі, афарызмы), расказваю прытчы, у пэўнай жыццёвай сітуацыі праводжу паралель з творам і наадварот, чытаю вершы і прозу на памяць (часам на фізкультурнай хвілінцы, калі дзеці за партамі могуць заплюшчыць вочы і ўяўляць каляровыя малюнкі-ілюстрацыі да маіх тэкстаў, марыць, нават своеасабліва перамяшчацца ў прасторы), дзялюся навінкамі літаратуры, прэзентую новыя выданні, прасочваю сувязь з іншымі відамі мастацтва.

Перад вывучэннем пэўнага твора “смачна” расказваю пра яго аўтара, раблю пісьменніка максімальна блізкім і зразумелым, зямным. Для гэтага шукаю ўспаміны пра яго, дзённікавыя запісы, цікавыя фотаздымкі, буклеты пра жыццё і дзейнасць, гуказапісы жывога голасу. Люблю дзецям паўтараць: ”За сваё жыццё любы з нас можа напісаць адну кніжку. Калі ж кніг многа – гэта талент і Божы дар. Давайце далучымся да вялікага”. І спрацоўвае вучнёўская цікавасць – аснова пазнавальнай дзейнасці.

Пры кожнай новай сустрэчы з аўтарам кажу дзецям пра тое, якая сур’ёзная адказнасць ляжыць на нас за ўсё, што будзе сказана ў яго адрас сёння, бо, нагадваю, чалавек жыве да таго часу, пакуль пра яго памятаюць на зямлі… Таму на ўроках заўсёды прысутнічае партрэт пісьменніка.

Не чытаць – нельга. З малодшых класаў, калі дзеці яшчэ паддаюцца дрэсіроўцы (у самым лепшым сэнсе гэтага слова), ствараю такія ўмовы праверкі ведаў, што не прачытаеш – не рушыш наперад: штодзённы кантроль за якасцю чытання (віктарыны, пераказ тэксту, сціслы змест, пытанні сяброў і сябрам). Вучні ведаюць, што іх галоўная задача, умова далейшага поспеху – дэталёвае веданне зместу.

А потым пачынаецца асноўная праца – адкрыццё ўсіх тонкасцей сюжэта, зваротная сувязь, увага да дэталяў. Выкладанне вядзецца на жыццёвай аснове праз праламленне на ўласны вопыт і вопыт бацькоў, зварот да мудрасці ўсяго чалавецтва, улічваючы ўласныя назіранні.

Урокі становяцца праблемнымі, прымушаюць думаць усіх без выключэння. Вучнёўскія развагі на этапе асэнсавання інфармацыі могуць быць выкліканы мною праз рад асацыяцый, аналогій і алагізмаў, праз псіхалагічныя паўзы, спыненні пры чытанні, калектыўнае мысленне.

З улікам узроставых і інтэлектуальных асаблівасцей я максімальна даходліва распавядаю аб сутнасным. У гэтыя моманты разумовая дзейнасць вучняў і пачуццёвая сфера актуалізуюцца самі па сабе, бо такі далёкі ад нас па часе твор становіцца рэалістычным і зразумелым. У працэс разваг уключаюцца ўсе, далей мы працуем сумесна: шукаем праўду, асуджаем героя ці апраўдваем яго, знаходзім адказ на пытанне, дзе прычыны таго, што ўсё так, як ёсць, не шкадуем крэпкага слоўца, смяемся ад пуза і горка плачам. І я з імі плачу, не адыгрываю ролю, а плачу, калі мне балюча, і не саромлюся сваіх слёз. Перажытыя эмоцыі так многа даюць чалавеку для разумення яго ўласных чалавечых якасцей, робяць безабаронным, але небездапаможным, бо гартуюць волю і характар. Апора на эмацыянальна-пачуццёвую сферу робіць выхаванне някідкім, не такім звыкла павучальным: у нас з’яўляецца магчымасць зблізіцца, знішчыць рамкі “настаўнік-вучань”. Гэта і дазваляе нам стаць проста людзьмі, якім усё, што адбываецца ў творы, блізка і зразумела, бо героі – таксама людзі. І хто з нас можа сцвярджаць, што іх гісторыя надуманая, бо з мільярда чалавечых лёсаў і гэты, бясспрэчна, меў права быць рэальнасцю.

Дзеці выказваюцца. І важкім я раблю кожнае дзіцячае меркаванне, ствараю атмасферу падтрымкі і паразумення, даверу. Пасля таго, як усе жадаючыя выказаліся, я выказваю сваю пазіцыю на прачытанае. Разам мы шукаем ісціну і не баімся памыляцца.

У кожнага з нас, бясспрэчна, ёсць вучні, якія зусім мала калі чытаюць. Яны не патрабуюць нічога і пагаджаюцца з адзнакай “адзін”-“два” балы. У іх ад нараджэння ёсць імкненне пазнаваць, але разумовая лянота (спакой) перасільвае яго. Як сцвярджаюць псіхолагі, гэта з’яўляецца вынікам няўмення вучыцца, якое так і не сфарміравалася ў пачатковай школе.

Але і ў адносінах да такіх вучняў я ніколі не апускаю рукі, суцяшаю сябе меркаваннем, што працэс слухання значна складанейшы за працэс гаварэння. А ўжо ўменне прымусіць слухаць вучня залежыць у поўнай меры ад майстэрства педагога, яго сцэнічнасці, дыкцыі, манеры падачы матэрыялу. Бясспрэчна, калі вучань атрымае многа новай інфармацыі, яму будзе складана, а калі мала – сумна. Пэўны дэфіцыт інфармацыі можа замяшчацца асацыяцыямі, заснаванымі на асабістым вопыце або на фантазіі. Нестандартныя пытанні і праблемныя сітуацыі здзіўляюць. А само здзіўленне і ёсць крок да пазнання новага. Мае вучні на ўроках літаратуры заўжды шмат творча працуюць: сінквейны, хоку, міні-сачыненні, ілюстраванне, інсцэніраванне, складанне крыжаванак. Я не ведаю, як мне гэта часам удаецца, але са сваімі вучнямі я чытаю не толькі праграмныя творы, але і звыш гэтага. Часта я запытваюся: ”Хочаце пачытаць кнігу для душы?” І дзеці згаджаюцца і нават не цікавяцца, наколькі твор вялікі, бо з практыкі ведаюць – я дрэннага не параю (прывыклі мне давяраць). І мы чытаем і аналізуем “Альпійскую баладу”, “Кар’ер” В.У.Быкава, “Раманіху” Э.Ажэшкі, “Млечны Шлях” К.Чорнага, “Тутэйшыя” Я.Купалы, вершы Р.Тармолы-Мірскага, Л.Геніюш, Н.Мацяш.

Каб прымусіць вучыць якасна, я многа гавару пра тое, што гэта развівае памяць; для ўзору сама шмат чытаю па памяці (уласны прыклад – добры выхавацель!); задаю значна раней верш, чым буду праводзіць апытанне. У рэшце рэшт, кажу пра сваю матулю, якая да гэтага часу памятае вершы ўсёй школьнай праграмы (простая вясковая жанчына!). Для мяне не самамэта паставіць “два”, калі штосьці ў вучня не атрымалася (усё індывідуальна – я магу даць яшчэ шанс). Перад тым, як напрыканцы года здаць падручнікі, мы ўсе вершы ўзгадваем і ладзім конкурс чытальнікаў.

Бывае, вучні слухаюць гуказапісы з узорным чытаннем вершаў і прозы. А інтэрнэт цяпер дае магчымасць адшукаць гучанне песень, што напісаны на словы беларускіх паэтаў. Так я зусім нядаўна адшукала сайт Алеся Камоцкага, у чыім выкананні гучаць вершы Я.Купалы, Я.Пушчы, Р.Барадуліна. Можна знайсці відэазапісы сустрэч з пісьменнікамі, літаратурныя гасцёўні з іх удзелам, экранізацыі твораў, аўдыяспектаклі па вядомых п’есах.

Фонавая музыка сама па сабе вельмі часта суправаджае мае ўрокі. Яна і маё ўступнае слова ствараюць агульны настрой на шчырую размову, выклікаюць зацікаўленасць. Выхаванне сродкамі сумежных відаў мастацтва, комплекснае ўздзеянне на свядомасць і пачуцці дзяцей спрыяюць фарміраванню рознабаковай асобы.

Вучнямі добра ўсведамляецца, что настаўнік – таксама і чалавек. Напрыклад, перш чым чытаць тое ж алегарычнае апавяданне Я.Баршчэўскага “Сын Буры”, я гавару вучням, што сама сябе Сынам Буры пачуваю, бо маю няўрымслівы характар і жыву з неспакоем у сэрцы за ўсё і ўсіх. А калі рэкамендую вучням пачытаць “Раманіху” Э.Ажэшкі, то зазначаю, што гэты твор адрасаваны ўсім тым, хто нечы сын або дачка, хто сам будзе мець дзяцей і пакуль не ведае адказу на пытанне наконт таго, як іх так гадаваць, каб не сядзець у старасці з працягненай рукой. Можна сказаць, што я спрабую “выхоўваць наперад”. Маё шчырае меркаванне заключаецца ў тым, што чалавек становіцца такім ці інакшым не за год і нават не за пяць. Усё тоё, што потым складзе будучае нашага грамадства, фарміруецца шляхам доўгіх намаганняў. А настаўніцтву ў гэтым, на мой погляд, адведзена вядучая роля, бо настаўнік – прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі – ад настаўніка.

Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення – мая самая любімая з сучасных адукацыйных тэхналогій. Менавіта яна дае магчымасць кожнаму навучыцца думаць над тым, як жывеш, чаму жывеш, куды ідзеш па дарозе жыцця, што пакінеш па сабе. Відавочна, што калі чалавек думае, то ён і жыве інакш. Таму сваіх вучняў на этапе аналізу твора вельмі часта пакідаю сам-насам з тэкстам. Перасядаю за апошнюю парту, саступаючы месца таму, хто дома рыхтаваў шчырую размову для розуму і сэрца. І вучні мае размаўляюць між сабою: вучацца не баяцца выказвацца, агучваць сваё меркаванне, спрачацца, разважаць, паважаць субяседніка і адшліфоўваць уменне, якое надта спатрэбіцца ў жыцці, – адстойваць сваю ўласную пазіцыю.

Рыхтаваць віктарыны да твора з цягам часу становіцца цікава і захапляльна. Удумліва прачытаеш – удала напішаш. Вы скажаце: “Спішаш…” А гэта ўжо залежыць ад агульнай унутранай культуры вучня, павагі да настаўніка, якую таксама трэба выхаваць, магчыма, нават заслужыць. Часта мае вучні самастойна ацэньваюць адказы аднакласнікаў, выстаўляючы адзнакі. Потым мы іх агучваем, аналізуем, выпраўляем недахопы.

Кожны ўрок літаратуры – момант падумаць над жыццём і сваім месцы ў ім, магчымасць чарговы раз уласна не спудлаваць, пражыўшы чужое жыццё і прааналізаваўшы чужыя памылкі. На кожным сваім занятку я памятаю, што вучань – гэта ўсё роўна хоць і малы, але чалавек. Задача педагога – выхаваць у ім станоўчыя чалавечыя якасці, маральныя, эстэтычныя і этычныя каштоўнасці, патрыятызм і гуманізм, навучыць жыць так, каб ён быў шчаслівым, знайшоў сваё месца ў грамадстве, усвядоміў уласнае прызначэнне, стварыў моцную сям’ю, самарэалізаваўся, бо так ці інакш – за нашымі вучнямі будучыня. І кожны літаратурны твор, які пройдзе праз іх розум і сэрца, павінен ім дапамагчы адчуць сябе стала і ўпэўнена.

***

Шаноўныя калегі! У Беларусі 3 тысячы 323 школы, у якіх працуюць 107 тысячы педагогаў. Шкада, што сёння гэту высакародную прафесію выбіраюць не толькі высакародныя людзі. Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі ў 30% выпадках маладыя спецыялісты пераходзяць на іншую працу.

Нядаўна я натрапіла на інфармацыю пра тое, як пачала свой адкрыты ўрок фіналістка рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” 2011 года настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына Алена Пратасевіч, каб устанавіць з незнаёмай аўдыторыяй кантакт. Яна задала вучням тры пытанні: якія прафесіі яны лічаць важнымі, якія прафесіі – прэстыжнымі і якую прафесію яны збіраюцца абраць для сябе? Сярод сацыяльна важных згадваліся прафесіі настаўніка, урача-стаматолага і... чамусьці эксперта-крыміналіста. Магчыма, дзякуючы шматлікім міліцэйскім серыялам. Прэстыжнай школьнікі лічаць работу эканамістаў, юрыстаў, банкіраў і менеджараў. Прыгожыя словы, за якімі стаіць нейкая работа, пра якую дзеці не маюць ніякага ўяўлення. Ці варта казаць, што сярод прафесій, пра якія мараць сённяшнія васьмікласнікі, прафесія настаўніка ўвогуле не згадвалася...

Але, на мой погляд, гэта не зніжае нашай адказнасці перад вучнямі і перад прафесіяй увогуле. А галоўным, па-ранейшаму, уласна для мяне было і застаецца слова “любіць”. Хачу ўсім вам пажадаць любові да ўсіх і кожнага. Памятайце толькі адзінае: любіць – гэта не толькі браць, але і аддаваць.

4


Автор
Дата добавления 26.11.2015
Раздел Другое
Подраздел Другие методич. материалы
Просмотров636
Номер материала ДВ-194961
Получить свидетельство о публикации

Включите уведомления прямо сейчас и мы сразу сообщим Вам о важных новостях. Не волнуйтесь, мы будем отправлять только самое главное.
Специальное предложение
Вверх